Указ № 60 будзе лічыцца пачаткам новай эры ў развіцці нацыянальнага сегмента сеціва інтэрнэт

З моманту падпісання і набыцця моцы Указа Прэзідэнта № 60 "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстоўвання нацыянальнага сегмента сеціва Інтэрнэт" прайшло ўжо нямала часу, але гэты дакумент і прынятыя ў яго развіццё пастановы Саўміна і па сёння выклікаюць шмат пытанняў у арганізацый і наогул інтэрнэт-супольнасці. Нормы і мэты з'яўлення заканадаўства, якое рэгулюе Байнэт, чарговы раз тлумачылі прадстаўнікі Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце, Мінсувязі, Мінгандлю, МУС, іншых дзяржорганаў удзельнікам міжнароднай практычнай канферэнцыі "Прасоўванне сайтаў у беларускім інтэрнэце. Рэвалюцыя", якая прайшла на мінулым тыдні ў Мінску.

— Я мяркую, што па вялікім рахунку карыстальнікі інтэрнэту і не адчулі прысутнасці Указа № 60 на сабе. Але тым не менш дзяржава ўмяшалася ў пытанні рэгулявання Байнэту і накіравала свае дзеянні на тое, каб урэгуляваць адносіны ў гэтай сферы, — сказаў Сяргей Краўцоў, начальнік сектара Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце. — Самае галоўнае, што Указ № 60 ажывіў жыццё інтэрнэт-супольнасці і дзяржаўных органаў, ён прымусіў дзяржаву быць бліжэй да інтэрнэт-карыстальнікаў.

Хто адказвае за якасць сайтаў міністэрстваў?

Дарэчы, пра набліжэнне дзяржавы да народа, у адпаведнасці з першым пунктам Указа № 60 ад 1 лютага 2010 года, усе дзяржаўныя органы, а таксама дзяржаўныя арганізацыі павінны размяшчаць інфармацыю пра сябе і пра сваю дзейнасць у інтэрнэце.

— Яны абавязаныя мець свае інтэрнэт-сайты, праз якія карыстальнікі могуць звярнуцца з просьбамі і лістамі непасрэдна да кіраўніка гэтых дзяржорганаў, атрымаць інфармацыю пра іх дзейнасць і структуру. Калі нехта з вас спрабаваў патрапіць на прыём да міністра, то ён ведае, як гэта складана. Зараз гэтая праблема вырашаная: каб быць бліжэй да народа, да інтэрнэт-карыстальнікаў, усе дзяржаўныя органы павінны мець інтэрнэт-сайты, — лічыць Сяргей Краўцоў.

Аднак пагадзіцеся, што адна справа стварыць сайт, а зусім іншая — пастаянна яго падтрымліваць: каб інфармацыя абнаўлялася, каб карыстацца ім было зручна, каб адказы на звароты грамадзян своечасова публікаваліся... На жаль, пакуль не ўсе сайты дзяржаўных органаў адпавядаюць заяўленай функцыі — наблізіць міністэрства і ведамства да шараговага грамадзяніна.

— За інтэрнэт-рэсурс адказвае кіраўнік гэтага органа ці арганізацыі, — тлумачыць Павел Качан, галоўны спецыяліст упраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі. — На жаль, у нас атрымліваецца, што дзяржаўныя органы і дзяржаўныя арганізацыі не могуць траціць такі ж працэнт свайго бюджэту на мадэрнізацыю, абнаўленне, змест і падтрымку сайта, як камерцыйныя арганізацыі. Таму, магчыма, прагрэс і не такі хуткі, як хацелася б, але тое, што сайты ёсць — гэта ўжо вялікі прагрэс.

Але варта спадзявацца, што ў хуткім часе міністэрствы і іншыя ведамствы ўсё ж такі наладзяць працу сваіх прадстаўніцтваў у глабальным сеціве. Як адзначыў Сяргей Краўцоў, "магчыма, усе пытанні будуць вырашацца ў рамках рэалізацыі "Электроннага ўрада", дзе патрабаванні да інтэрнэт-сайтаў будуць больш-менш рэалізаваныя.

Чыноўнікі бачаць ад Указа № 60 адны плюсы і выгоды

Сяргей Краўцоў перакананы, што з прыняццем Указа №  60 функцыянаванне Байнэту змянілася толькі ў станоўчы бок: ідэнтыфікацыя карыстальнікаў аказалася не такой страшнай. дарэчы, зараз ААЦ накіраваў ліст у Савет Міністраў з прапановай аб адмене ідэнтыфікацыі асобы (праз прад'яўленне дакумента, які сведчыць асобу) наведвальнікам інтэрнэт-кавярняў, камп'ютарных клубаў і іншых пунктаў калектыўнага карыстання. А таксама патаннелі паслугі хостынгу, пашырыўся знешні інтэрнэт-шлюз краіны, а таксама было дакладна прапісана, хто нясе адказнасць за размяшчэнне інфармацыі ў інтэрнэце. Важным зрухам Сяргей Краўцоў бачыць і першыя крокі скасавання манаполіі Белтэлекама на пропуск міжнароднага трафіку:

— Вось нашы аператары электрасувязі пастаянна скардзіліся на Белтэлекам, які манапольна валодаў правам на пропуск міжнароднага трафіку і далучэнне да сетак электрасувязі іншых дзяржаў. Фактычна з прыняццем Указа № 60 эра манаполіі Белтэлекама адышла ў мінулае: зараз праводзіцца конкурс Міністэрствам сувязі на права і іншым аператарам электрасувязі ажыццяўляць такую дзейнасць. Усё гэта накіравана на тое, каб знізіць кошт як інтэрнэт-паслуг, так і паслуг электрасувязі для грамадзян і гасцей нашай краіны.

Яшчэ адным станоўчым момантам Указа № 60 Сяргей Краўцоў бачыць і паслугу па абмежаванні доступу карыстальніка да інфармацыі: яна абавязковая для амаль усіх дзяржаўных устаноў, але можа быць аказана і фізічным асобам пры іх жаданні. Дарэчы, сёння ў закрытым спісе забароненых сайтаў, які вядзе рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства па наглядзе за электрасувяззю "БелГІЭ", знаходзіцца каля 20 рэсурсаў, якія ў гэты спіс прадаставілі два дзяржорганы — пракуратура і КДБ.

Дваццаць сайтаў — гэта мала ці шмат? Як адзначыў Ігар Пармон, намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій МУС, іх ведамства імкнецца не проста папаўняць "чорны" спіс, а наогул закрываць сайты з забароненай інфармацыяй:

— Калі МУС выяўляе сайты, што змяшчаюць дзіцячую парнаграфію, ці тычацца распаўсюджвання наркотыкаў, або маюць іншую забароненую інфармацыю, мы шукаем іх уладальнікаў і прыцягваем да крымінальнай адказнасці. Такім чынам, наша праца накіраваная не столькі на папаўненне фільтраў, колькі на поўнае закрыццё ўсіх гэтых сайтаў. Напрыклад, летась толькі падчас адной аперацыі мы зачынілі, здаецца, 170 сайтаў з дзіцячай парнаграфіяй.

Ад прыняцця Указа № 60 Ігар Пармон абазначыў і іншыя плюсы: у прыватнасці, для ўпраўлення "К" стала прасцей атрымліваць інфармацыю ад правайдараў і хостараў:

— Палажэнні гэтага Указа заканадаўча замацавалі ўжо існуючы парадак па прадастаўленні інфармацыі аператарамі электрасувязі, якую мы выкарыстоўваем для раскрыцця злачынстваў. Да гэтага такі парадак быў на аснове нейкай дамоўленасці, але вырашэнне такіх складаных і важных пытанняў патрабавала замацавання гэтага парадку заканадаўча, — сказаў Ігар Пармон і дадаў, што тым не менш пасля прыняцця Указа нейкіх рэзкіх змен у статыстыцы выкрывання злачынстваў няма. — На статыстыку прыняцце Указа № 60 ніяк не паўплывала, бо інфармацыю нам прадастаўлялі і раней, але трэба было наладжваць кантакты ажно да нейкіх асабістых стасункаў. А сёння працэдура трохі спрошчаная: мы маем поўнае права звяртацца да правайдара, хостара ці ўладальніка сайта, і гэтыя юрыдычныя асобы павінны нам прадаставіць інфармацыю. Такім чынам, можна сказаць, што працэдура спрасцілася, але на статыстыку гэта не паўплывала.

Што рабіць з кантэкстнай рэкламай і карпаратыўнымі блогамі?

Тым не менш ва ўдзельнікаў канферэнцыі ўзнікла даволі шмат пытанняў: людзей з залы ў асноўным цікавілі не філасофска-перспектыўныя моманты, а вельмі і вельмі практычныя, з якімі яны сутыкаюцца кожны дзень у сваім бізнэсе. Напрыклад, ці стала незаконнай з прыняццем Указа № 60 кантэкстная рэклама ў інтэрнэце на такіх папулярных рэсурсах, як Яндэкс і Гугл? Бо, калі паглядзець пункт 2 Указа № 60, то там напісана, што дзейнасць па рэалізацыі тавараў, выкананні прац, аказанні паслуг на тэрыторыі Беларусі з выкарыстаннем інтэрнэту юрыдычнымі асобамі і ІП павінна ажыццяўляцца толькі з выкарыстаннем Байнэту, а той жа Гугл сервераў у Беларусі не мае... Узнікла таксама цікавае пытанне і наконт карпаратыўных блогаў, якія вядуцца ў папулярным у Беларусі, але замежным інтэрнэт-рэсурсе Lіvеjоurnаl.соm: ці з'яўляецца гэта парушэннем 60-га Указа?

На жаль, на такія практычныя пытанні спецыялісты па Байнэце з дзяржорганаў адказаць не змаглі, затое параілі прыходзіць з гэтымі пытаннямі на кансультацыі да іх і ў прыватным парадку атрымліваць адказы.

— Мы з лета не прапускаем ніводнай канферэнцыі і пастаянна кажам: калі ёсць канкрэтныя ідэі, канкрэтныя прапановы і заўвагі, у тым ліку і па ўдасканаленні заканадаўства, мы заўсёды рады іх выслухаць, — сказаў Павел Петрулевіч, намеснік начальніка ўпраўлення электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. — Мы чакаем прапаноў, будзем старацца працаваць на карысць, а не на шкоду.

— Сутнасць Указа № 60 і прынятых у яго развіццё прававых актаў у тым, каб пераадолець так званую "лічбавую няроўнасць" (Лічбавая няроўнасць — англ. Dіgіtаl dіvіdе, абмежаванне магчымасцяў сацыяльнай групы з-за адсутнасці ў яе доступу да сучасных сродкаў камунікацыі — заўв. аўт.). У гэтым задача дзяржавы, і яна задачу вырашыць, я перакананы, — сказаў у заключэнне Аляксей Васількоў, галоўны спецыяліст Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта. — Я памятаю, якія былі летам крыкі, што Указ № 60 замінае нам працаваць, і гэтак далей. Да мяне ледзьве не лезлі біцца і прасілі, каб я вярнуў страчаны прыбытак за хостынг. Так, можа тут ёсць і наша віна, што была пэўная закрытасць пры распрацоўцы, але ж усё было выпраўлена. Я казаў людзям, што вы праз год забудзеце пра хостынг і ўсе іншыя праблемы — і вось прайшло паўгода і амаль усе праблемы знятыя. Але ініцыятывы па Ореn gоvеrnmеnt будуць памятаць, і Указ № 60 будзе лічыцца пачаткам пераадолення лічбавай няроўнасці — гэта значыць пачаткам новай эры ў развіцці нацыянальнага сегмента сеціва інтэрнэт...

Павел БЕРАСНЕЎ

Комментарии

я золотухина светлана

я золотухина светлана владимировна стоявшая на очереди с 1996г. с апреля месяца строю квартиру на трёх членов семьи (сына,мать) обратившись 29.06.2011г. в банке г.Гомеле по ул.карповича дом21 филиал 300 мне было отказано в льготном кредите по решению от 10.16.2011 по №298&19 об утверждении списка на получении льготного кредита. на вопрос почему они ждут решения на неопределёный срок на строительство квартиры согласно указу призедента РБ от 14.04.2000 №185 в девяти-этажном жилом доме №3 по ул.Головацкого в мкр. .16 прочитав решения одминистрации жд.района мне отказали в кредите льготной очереди с несовершено летним сыном, матерью проживающим в однокомнотной квартире пощадью 34 кв.м, после смерти отца сына 25.05.2010г отца сына осталось 1/3 часть жил.площади что входит в список приложению к решении администрации района г.Гомеля от 10.01.2001г за номером №298&19 отдать часное имущество за щёт погашения кридита. ГДЕ ЗАКОН?????Глександру Грегнорьевичу Лукашенке!с Уважением.