Сёлета ўлады прынялі 12 прававых актаў па рэгуляванні байнэту

Журналістаў у Беларусі не забіваюць, а меры, якія прымае дзяржава адносна байнэту, правільныя. Такую заяву зрабіў прадстаўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Сяргей Краўцоў падчас круглага стала “Беларускі сегмент сеткі інтэрнэт: праблемы і перспектывы развіцця”.

Краўцоў: "Дыскусіі наконт кібер-бяспекі і абмежавання правоў прыватнага жыцця ідуць да гэтага часу з моманту стварэння інтэрнэту, фактычна. Аднак хачу адзначыць, што ў Беларусі не забіваюць журналістаў, як гэта бывае ў нашых суседзяў. Таму мяркую, што тыя меры, якія прадпрымаюцца ў Беларусі для таго, каб інтэрнэт быў адкрытым, напэўна – правільныя!"

А далей прызнаў, што рэгуляваць дзяржава інтэрнэт імкнецца. А ж, кажа, не ўвесь інтэрнэт, а толькі свой сегмент – байнэт.

Краўцоў: "Прадстаўнікоў дзяржаўных органаў крытыкавалі за значнае павелічэнне ў гэтым годзе прававых актаў, накіраваных на рэгуляванне байнэта. Звяртаю ўвагу на тое, што мы не спрабуем рэгуляваць увесь інтэрнэт. Мы хочам удасканальваць свой сегмент – байнэт".

Па яго словах, сёлета было прынята 12 нарматыўна-прававых актаў, датычных інтэрнэту. Гэта і ўказы прэзідэнта, і пастановы ўрада. Тлумачыцца такая колькасць, па словах Краўцова, хуткім развіццём інтэрнэту і яго інфармаванасцю пра "сацыяльны, эканамічны і палітычны ўплыў на грамадскае жыццё".

Зміцер Лукашук